Я гэта люблю падарожжа...
Я гэта люблю падарожжа,
З якім і зраўняцца не можа
Вандроўка ў любыя Таўрыды –
У казачныя краявіды.
А гэта – вандроўка праз сёлы,
Праз край мой шырокі, вясёлы,
Бясконцыя нівы, дубровы –
У маю беларускую мову.
У родную мову, якая
Усімі вясёлкамі ззяе,
Смалістымі пахне лясамі,
Жывымі звініць галасамі.
О, колькі яшчэ не адкрыта
Адценняў у ёй і блакіту,
Патрэбных народу, паэтам,
Каштоўнай руды, самацветаў!
Родная мова
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
I вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае «мама»
I цяпер для мяне сама міла гучыць.
Я па літарах родных вучыўся чытаць,
I буквар для мяне быў жыцця палавінай.
Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць
Першы раз: «Беларусь, мая сонца-краіна!»
I цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,
Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,
I з усіх песняроў мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр — неўміручы Купала,
А задумае вораг з далёкага краю
Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю —
He дазволю.
He дам.
He прадам.
He змяняю.
I да смерці за волю тваю пастаю!
Родная мова
Не знайсці ў свеце з ёй падабенства.
Яна – з роду крынічак бруістых
І адтуль, дзе пражыта маленства,
Ад людзей дабрадзейных і чыстых.
З баравых, балацяных сцяжынак,
Што ля Хойнік – глыбінкі палескай,
Ад дакосін, дакопак, дажынак
І ад песень тужліва-балесных.
Ад блакітных і ясных азёраў...
Дабрыня яе – ў мудрых паданнях,
А краса – ў васільковых узорах,
У ліпнёвых, сунічных світаннях.
На Палессі, ў Гародні, пад Мінскам
Яна лашчыць душу адналькова.
Мая спадчына, гонар і мараў калыска,
Мілагучная, шчырая, добрая мова.
Можа, ўсё гэта толькі ідэя...
Можа, ўсё гэта толькі ідэя
I наіўны, палынны міраж, —
Як сусветная Іудзея —
Гэты крык і помысел наш?
Вось яна — зямля пад нагамі.
I народ на зямлі спрадвек.
Толькі слова свайго пазбягаем,
Як здаровы — пагляду калек.
Просім сына:
па-беларуску
Напісаць (як прасіў Карусь
Каганец)... I пачуем малюска: —
А ці ёсць яна, Беларусь?..
Што было па шляхах і ростанях?
Прадавалі нас за паўцаны.
I круціліся душы бяростаю
На агнях інквізіцый маны...
Толькі дзверы чужых пачакальняў,
Толькі уніі ды палон...
I на шыі — жэтон адчаканены:
Час, як выціснуты лімон...
Хто — зямля ці ідэя — злучае
Раз'яднаны бязмоўем народ?
Ці гуртуюцца людзі адчаем:
Там крычыць ўсенародны рот?..
А пакуль сведчым, хто вінаваты,
Б'ёмся ў дыспуце шматгаловым, —
Кажуць, новае ўводзіцца свята
З назвай «Дзень адмаўлення ад мовы».
Урок беларускае мовы
Вымаўленне,
Як да нябёсаў маленне
Дубровы,
Адкрытае.
З адкрытай душой
Наш люд несуровы,
Мы злосць не трымаем
У прЫтаі.
У пашане кожная
Літара выбуховая,
Яна адразу
Ад абразы
Сябе ахоўвае.
Радасці цесна ў шыбах —
Выбух!
Вірам глуха ў глыбах —
Выбух!
Паўнагалоссе,
Як тое паўнакалоссе
На ніве веры.
Гаспадары, прымайце дары,
Застоліцы ў гонар мілосці
Агалашайце,
Усіх запрашайце ў госці.
У нас шырокія дзверы!
Мы гакаем,
Як і прашчуры нашыя хакалі,
Калі ляды здрады
Бязлітасна карчавалі
I, небам зорным акрыўшыся,
Начавалі.
Каб чужымі ўрокамі
Душу нашую не ўракалі,
Беларускія словы высокія
Звіняць
Недасяжнымі жаўрукамі.
Адкажы
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?
Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?
Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?
Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!
Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.
Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?
Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!
Будзе слоту абвяшчаць прагноз...
Будзе слоту абвяшчаць прагноз,
Лістабой учыніць ператруску.
Песняй, што расчуліла да слёз,
Я прыму цябе па-беларуску.
Краю блаславёнага дачка,
Дзякуй лёсу,
маю не ў нагрузку —
Зорны крыж Мацея Бурачка...
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што свет даўно не вузкі!
...Ды калі ты не бязродны сын —
Гавары са мной па-беларуску.
Час — вар'ят, шалёнае таксі.
Толькі ўсё ж не мыслю я аб спуску.
Кажаш, што магілы зараслі?
Памаўчы са мной па-беларуску.
Родная мова
З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.
Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.
Як нi страшна...
Як нi страшна, а самi забылi,
Адцуралiся Роднае мовы,
Хоць суседзi на гэта стварылi
Нам спрыяльныя, зручныя ўмовы.
Адцуралiся за паўстагоддзя.
А дагэтуль вякi забароны
Наша мова жыла у народзе,
Наша слова было нескароным.
Продкi вынеслi Спадчыну Жыццяў
Праз цяснiны гадоў, праз узвышшы,
А нашчадкi закiнулi, быццам
Непатрэбную рэч на гарышча.
Мова ёсць, а не трэба народу.
Нам яе замяняе другая,
Хоць i блiзкая вельмi да роднай,
Але ўсё ж непапраўна чужая.
Людзi, колькi памылак нанова
Паўтараем агулам, гурбою.
Адмаўляючы роднае слова,
Чым мы грэбуем, як нi сабою.
Непатрэбная мова. Як горка
Чуць i бачыць яе скон павольны.
Смерць магчыма спынiць яшчэ. Толькi
Цi на гэтае хопiць нам волi?
Мова...
Мова,
Пявучая родная мова,
Ты – уладарка нявызнаных скарбаў.
Столькі значэнняў, гучанняў і фарбаў
Мае ў сабе тваё кожнае слова.
Іншае слова напоўнена плёскам
Хвалі дняпроўскай.
Іншае слова такое,
Што рэха лясное
У яго глыбінях затоена,
Ёсць і як мёд залатое, густое,
На травах яно духмяных настоена.
Ціха гучаць у мове маёй
Словы пяшчотныя,
Словы крынічныя,
Росныя.
Чуюцца ў ёй –
І грымотныя,
Зычныя.
Водгулле бітваў грознае.
Часам бывае – заззяе неспадзявана
Новаю зоркаю слова-абнова.
Колькі ў табе нявызнаных скарбаў схавана,
Мова мая,
Пявучая родная мова.
Матчына мова
Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі “мужыцкаю мовай”,
А нам жа ты матчынай мовай была.
І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.
Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.
Прыеду дадому... І што за праява...
Пачую гаворку, ці песню, ці верш –
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.
У маках чырвоных гарыць прыгуменне...
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.