Ад сівых гадоў,
ад дзядоў
Для мяне
ашчаджона спадчына:
Песні жніўнай
смутак удоў,
Мох зязюльчын,
гняздо курапатчына;
Сіні верас
і сіні дым,
Зоркі першай
драбнюткая мачына,
Яры хмель
над ярам крутым,
Галубіная мова матчына.
He згублю яе
ў тлуме дарог,
Дзе маторам
вясёла грукочацца,
Боязна мне
ступаць на мурог —
Прытуліцца шчакою хочацца.
Хай мяне
блаславяць у нябыт
Як свайго шалапутнага хрэсніка
I яго Яснавокасць
блакіт,
I яе Ласкавасць
бярэзінка.
