Боль не маўчыць, калі маўчыць народ У сонным і халодным раўнадушшы: Ён прабівае лёд гнілых балот Хлусні, зняваг, салодкіх сноў чынушных. Якой бы горкай доля ні была – Зямля мая, ты вернасць нараджала. Хоць і не раз з-пад белага крыла Крывёй вякоў ты, Беларусь, сцякала. Гаротны твой, ды сакаліны лёс, Як непадкупнай вернасці аснову, Праз вісельні і вогнішчы пранёс Святую споведзь матчынага слова. Чаму нямееш сёння, беларус? Твая ці ў сытым целе сохне памяць?! Як непасільнай ношы лішні друз – Якісьці невук слова маці ганіць. Кім, без’языкія, у свеце праслывём? Хто нашых душ тады пачуе споведзь? Мы песню родную ўжо плачам – не пяём… Які нам суд гісторыя прамовіць?