Мова родная... Беларуская...

Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

Мова родная… Беларуская…
Ты – мая назаўсёды любоў...
Не ў лясочку – сцяжыначка вузкая,
А – прасторы жытнёвых палёў…
Ахіне ветрык вольнымі словамі -
І ў душу завітае святло…
А ці сталі б народам без мовы мы -
Каб на свеце яе не было?

Мова шчырая… Мілагучная…
Жаваронкамі словы звіняць…
Хто сказаў пра яе, што – нязручная,
Каб штодзённа на ёй размаўляць?
Адмаўляць мове роднай у годнасці –
Бы ў галоднага хлеб адымаць…
Хто не згоден з яе неабходнасцю -
Не спяшайце яе зневажаць…

Мова светлая… Мова чыстая…
Паспрабуеш –і хочацца піць…
Бы крынічныя воды, празрыстая –
Не спыніць яе, не замуціць…
Як калісьці на ёй (сведкі маюцца)
Продкі песні спявалі свае,
Так і сёння нашчадкі натхняюцца
Срэбразвонным напевам яе…

Мова мілая… Прыгажэйшая
З лепшых моў, што дагэтуль былі…
Хто яе абылгаў, што – бяднейшая,
Чым астатнія мовы зямлі?
Без яе не праліць сэрца словамі,
Без яе хараство не апець…
Даражыце, бы скарбніцай, моваю,
Каб сваю, беларускую, мець!

Мова цеплая… Мова матчына…
Ў кожным слове – свая прыгажосць…
Мы павінны быць лёсу ўдзячнымі
І за тое, што мова ў нас ёсць,
І за тое, што “ роснаю” “раніцай”
“Запаліўшы” “святлом” “далягляд”,
“Промні “ “сонейка” нам “усміхаюцца”
І “спявае” “навокал” “ зямля”…