На якіх бы «языцах»...

Сярэдняя: 5 (6 галасоў)

На якіх бы «языцах» размовы
Пры сустрэчы сябры ні вялi,
Мне мiлей беларуская мова –
Дзіўны скарб маёй роднай зямлi.

Каб не ляснуцца тварам аб глебу,
Буду іншыя мовы вучыць,
Але ж наша не меней мне трэба
Дзеля песнi, што ў сэрцы гучыць.

Дзеля выразу думак у словы,
Што прысвечу радзіме маёй:
Хай жыве беларуская мова,
Каб заўжды размаўлялі на ёй!

Без яе анiяк немагчыма!
Без яе – жабракi мы i голь!
Гэта – голас любімай Айчыны,
Як да хлеба надзённага соль!

Гэта – ціхія спевы матулi –
Калыханкі-ахоўніцы сноў
І дзiцячыя «гулi-агулi»
Самых першых цi гукаў, цi слоў.

I маленькiя кніжачкi-казкi,
Што па літарах зведаў ты сам,
I ласкавы адказ «калi ласка»,
Што з усмешкай гаворым сябрам.

Гэта светлыя словы «кахаю»,
«Подых ветрыка», «водар сасны»,
«Промні сонейка», «шчасце без краю»
І «шыкоўная квецень вясны».

Ці не радасць – гаворку завесці?
«Прывітанне» – вітаючым нас!
Як салодка гучыць «Смачна есцi»!
I як весела «Дзякуй» у адказ!

«Добрай раніцы», «Свята», «Цудоўна», –
Што ні слова – музыка душы!
Беларусы – народ памяркоўны,
Хоць і нехта назваў – бульбашы.

Наша мова – бы чыстыя воды,
Што нястомна ў крыніцах цурчаць…
А цi ж гэта не наша свабода –
Мовай продкаў сваiх размаўляць?!