Ўратуем мову – голас свайго краю -
Каб не знямець аднойчы назаўжды!
Але хутчэй - бо бедная канае
Ад нелюбві, знявагі і нуды!
Гаворка ў коме, спевы ў занядбанні,
Пісьмо гібее, творчасць у тузе...
Пявучы гоман - без выкарыстання -
Зрабіўся дзівам - просіцца ў музей.
Мы так жыццё змянялі паступова,
Што самабытнасць страцілі сваю:
Цяпер, чужой валодаючы мовай,
Ёй аддаем і будучыню ўсю.
Сваю ж пад ногі кінулі, бы смецце.
Нашто яна – “вясковая”, “адстой”?
Ўжо да таго дайшло, што нашы дзеці
Не знаюць мовы матчынай сваёй…
Яшчэ крыху – і знікне канчаткова,
І стане мёртвай – мовай забыцця…
Мо, сапраўды, - нашто нам наша мова?
Даволі слоў чужынскай для жыцця!
Сваю звядзем ( па дуры?... па прымусу?) -
Другія ёсць… Не горш!.. Такой бяды!
Але як знікне слова “беларусы”,
Як будзем звацца ў свеце мы тады?
