Яны даспадобы мне, хай і старыя, Не толькі ў гучанні хвалюючы змест. Як многа гавораць мне назвы такія — Мінск, Пінск, Брэст. Калі паразважыш, няцяжка дазнацца, Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр, Што продкі любілі спакойную працу — Шклоў, Клецк, Мір. А вораг находзіў, — бязлітасна білі, Трываць не хацелі абразы і слёз, I разам з Бярозаю катаў тапілі — Пціч, Друць, Сож. Дзяды і бацькі нашу мову стваралі, Каб звонка звінела, была, як агонь. У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, — Блонь, Струнь, Звонь!