Я чытаю ЮНЭСКА вердыкт у здзіўленні.
Ад бязлітасных слоў загараецца кроў:
Беларуская мова – на грані знішчэння!!!
Ужо ўключана ў Атлас знікаючых моў!!!
Карыстаецца ёю ледзь кожны чацвёрты...
Гэта лічба – пракляцце Радзімы маёй!
Ды няўжо наша мова пры нас стане мёртвай,
Як зусім адцураемся мовы сваёй?!
На ёй вучацца ў школах пакуль яшчэ дзеці?
А ці ведаем, колькі? Адзін з пецярых !
Наша мова – нягоршая мова на свеце!
Дык няўжо лепшы лёс - размаўляць на чужых?
Як жа лёгка знішчаць! А спярша – перакроіць!
Руйнаваць цікавей, чым ствараць-будаваць?!
Але сэрца крычыць! Бы агонь – яго споведзь!
Нібы стогн… Бы выццё… І яго не суняць…
Наша родная мова! Чаму ты – ў знявазе?
Хто такое прыдумаў – цябе абражаць?
Колькі музыкі ў словах пявучых, у сказах!
Колькі смаку ў размовах (пакуль ‘шчэ гучаць)!
Проста ўзяць і згубіць? О, якая маркота!
Заклубілася думак імга ў галаве...
А ці здарыцца цуд – і праз здрады і дроты
Наша родная мова ізноў ажыве?
